У тую вясну...

Быкаў Васіль

Васіль БЫКАЎ

У ТУЮ ВЯСНУ...

У тую вясну мне здорава не пашэнціла - прастудзіўся ў камандзіроўцы, як на ветраным прыпынку чакаў аўтобуса, і захварэў на запаленьне лёгкіх. Два тыдні праляжаў у больніцы, а як выпісаўся, яшчэ колькі часу ня мог давесьці да ладу здароўе, і наш мясцком, зважаючы на маю хваробу, выбіў у аблсаўпрофе пуцёўку ў адзін з менскіх беларускіх санаторыяў. Зрэшты, лепшым ён хіба лічыўся ў бюракратычных колах, асаблівага там не было нічога. Апроч хіба будынку - новага, няблага ўсталяванага з адна- і двухпакаёвымі нумарамі. Месца яго таксама было ўдала, з клопатам падабрана - у хваёвым лесе, непадалёк ад чыстай неспрастанай рачулкі; горад таксама быў недалёка. У выходныя некаторыя ездзілі туды на рэйсавым аўтобусе. I ўсё ж тое было для мяне ўдачай - ня кожны з маіх калег меў такую магчымасьць. Тым больш, што кантынгент пацыентаў-кліентаў таксама быў не абы-які. Наменклатура рэспубліканскага, ну, ня менш, абласнога маштабу. Некаторых там я пазнаваў - з Гарадзенскага выканкама двое, з міністэрства сельскай гаспадаркі загадчык аддзела - грузны, укормлены мужчына, надта, аднак, порсткі і вясёлы для сваіх мусіць перадпенсійных гадоў. Але каб добрых знаёмых ці калег-журналістаў, дык там я ня бачыў нікога, таму пачуваўся крыху самотна, хадзіў рэгулярна ў сталоўку ды на некаторыя працэдуры, што былі мне прапісаны. На лячэбную гімнастыку, якая мне хутка апрыкла, бо карысьці з яе я не адчуваў ніякай. Але і перапыніць яе не хапала сьмеласьці, дактары звычайна папракалі: чаму кінуў? Асабліва калі была персьпектыва зноў з тым жа самым да іх зьвярнуцца.