ВАЛЯНЦІН БЛАКІТ
Вяселле ў Беражках
Дзень быў ціхі і хмурны. 3 самага ранку вісела беспрасветна-шэрая, нудная смуга. Такая смуга бывае хіба толькі глыбокай восенню. I каб не сярэдзіна студзеня ды не ўляжалы снег над нагамі, можна б было падумаць, што на дварэ ўсё яшчэ канае — сканаць ніяк не можа — сыры, азызлы лістапад. Але к абеду даў пра сябе знаць сярдзіты сіверны ветрык, і неўзабаве разгуляўся, завіхрыў снег, дробны, спорны — у двух кронах нічога не разгледзіш.
Гадзіны дзве вар’яцела гэтае снежнае пекла, пра якое кажуць: ваўкалак з вядзьмаркаю жэняцца. А потым нечакана ўсё аціхла. Нізкія хмары сталі выцягвацца, як кудзеля, сям-там бліснулі бледна-сінія прагаліны, неўзабаве засталіся ўжо не хмары, а толькі іх ашмоткі — фіялетавыя, з рудымі грывамі, а праз якую гадзіну неба зусім ачысцілася, быццам сабралася выставіць напаказ, як за лес павольна і стомлена садзіцца расчырванелае ад холаду сонца.
На пацямнелай усходняй палове неба замільгалі дрыготкія халодныя зоркі.