Ян Баршчэўскi
Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта
Пераклад: Мiкола Хаўстовiч
Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра цiхае, у лесе чулiся мiлагучныя i дзiкiя спевы птушак; блiзкi быў час начлегу, i я спяшаўся як найхутчэй пакiнуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкi дамок, на ўраджайных нiвах даспявалi залатыя каласы, i вялiкая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасцiннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.
Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сiвая, на твары спакой i бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вiтаюся i прашу, каб быў ласкавы дазволiць адпачыць з дарогi да наступнага дня.