Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)

Брэдбери Рэй

Рэй Брэдбэры

Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю

Пераклаў Сяргей Мiхальчук

Семдзесят гадоў запар Генры Ўiльям Фiлд пiсаў апавяданнi, якiя нiхто не друкаваў, i вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся i спалiў дзесяць мiльёнаў слоў. Занёс усе рукапiсы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, i шпурнуў у печ.

- От i ўсё, - сказаў ён i ў роздуме пра сваю марную працу i загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякiх дзiвосных i рэдкасных рэчаў, i лёг у пасцель. - Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкi, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет i падвойных сонцаў. Каму гэта па сiле! Спрабавалi, праўда, усе. Ды нi ў аднаго сучаснага аўтара нiчога не выйшла.