Прынц напракат (на белорусском языке)

Буланже Даниэль

Данiэль Буланжэ

Прынц напракат

Пераклад: Л. Казыра

Цi мог хто калi падумаць, што кароль Базанii зменiць свой трон на канапу нейкай танцоўшчыцы, стане простым герцагам Раулем, адрачэцца ад сваёй радзiмы i пераедзе да нас на сталае жыхарства?! Цi хто калi гадаў, што звычайны анучнiк Сiльвен Матуар зойме месца першага асенiзатара сталiцы?! Мiж тым яго "фабрыка" штодня на досвiтку выплёўвае добрых шэсцьдзесят цыстэрнаў. Яму належыць асноўная частка самай урадлiвай зямлi, што прылягае да паўночнай часткi горада. Цвёрда стаiць на нагах чалавек i ўсё спадзяецца, што жонка вось-вось падорыць яму сына...

А нарадзiлася дачка. Не любiў Матуар марнатраўства i таму не спяшаўся з хрэсьбiнамi: а раптам дзiця не выжыве?! Ды прыйшоў дзень, калi ўсе сумненнi развеялiся, i грымнула свята. Пад строгiм наглядам нянечкi госцi перадавалi з рук у рукi дзiця i ў адзiн голас паўтаралi, што яно - вылiты бацька. Асабняк асенiзатара гудзеў, як разбуджаны вулей. I ў гэтым тлуме невядома для каго сцiпла гучаў канцэрт для струннага аркестра, якi наўрад цi пачула б самае чуйнае вуха. Пакоi былi ўпрыгожаныя ў стылi канца мiнулага стагоддзя. На блакiтных мазаiчных сценах вiднелiся райскiя птушкi i мажныя чырванашчокiя багiнi. У глыбiнi залы тулiлася група музыкантаў. Усе яны былi ў парыках. Перад кожным стаяў невялiкi столiк, на якiм ляжалi ноты i гарэлi высокiя свечкi. Музыканты няўцямна ўглядалiся ў гэты натоўп пажыральнiкаў цукерак i пячэння, нiбы спрабавалi зразумець, каму i навошта патрэбна музыка ў такiм шуме, калi нават не чуваць, што iграе сусед. Вiяланчэлiст недаўменна пацiснуў плячыма i, пэўна, даў прастор сваёй фантазii, утаропiўшыся ў ладныя ножкi маладой служанкi, якая падышла, каб замянiць свечкi...