Алесь БЯЛЯЦКІ
ДА ГІСТОРЫІ АДНОЙ ПАЛЕМІКІ
3 гісторыі беларусізацыі
Сярэдзіна 20-х гадоў... Бурлівы час на Беларусі. НЭП ажывіў эканоміку, у культурным будаўніцтве быў узяты курс на беларусізацыю. Нацыянальнае пытаньне вырашаецца на ўзроўні Пленумаў ЦК. Вельмі доўга беларускі народ быў у становішчы нацыянальна і класава прыгнечанага. Шмат трэба зрабіць, і кіраўніцтва рэспублікі падыходзіла да праблемы станаўленьня нацыі з усёй адказнасьцю і рэалізмам. Створаны нацыянальныя камісіі на рэспубліканскім і акруговым узроўнях, якія назіраюць за правядзеньнем беларусізацыі, дапамагаюць беларускай мове ўзьняцца на дзяржаўны ўзровень. Упершыню праз сотні гадоў урад размаўляў з народам на адной мове. А. Чарвякоў у брашуры «За Савецкую Беларусь», прысьвечаную дзесяцігодзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, як дасягненьне ў нацыянальнай палітыцы адзначаў паступовы перавод войска на беларускую мову: «Вялікая работа праводзіцца ў Чырвонай Арміі. Заснавана аб’яднаная Беларуская школа камандзіраў сярэдняга саставу, у задачы якой уваходзіць падрыхтоўка камандзіраў для беларускіх войск. Адна пяхотная дывізія, блізка цалкам, праводзіць сваю палітычную, а часткай і сьпецыяльна вайсковую працу на беларускай мове. Друкуюцца статуты, падручнікі на беларускай мове».