Костас Варналiс
САПРАЎДНАЯ АПАЛОГIЯ САКРАТА
Як гэта было
Пакуль гаварылi абвiнаваўцы (Мiлiт з пiсклявым голасам i бабскiмi звычкамi, нервовы, як салавей, Анiт з вялiзнымi вушамi i валоссем у носе i Лiкон з вузкiм чэрапам i каламутнымi вачыма), суддзi сядзелi на зямлi - хто падабраўшы ногi, хто на кукiшках - i лускалi зярняты, выплёўваючы шалупiнне ў патылiцу пярэднiм. Шмат хто ўладкаваўся тут жа, падсунуўшы пад галаву сандалi замест падушкi, i мерна пахропваў. А Сакрат пазiраў у высокае веснавое неба i раз-пораз цёр левае калена, якое яму балела. I праз гоман натоўпу, праз смурод ад разагрэтых целаў i сапсаваных страўнiкаў да яго з блiзкiх хвояў даляталi вясёлы шчэбет птушак, водар смалы, пахi масцiкавага дрэва i чабору, што сачылiся з некранутай зямлi.
Калi абвiнаваўцы скончылi, усталявалася такая глыбокая цiшыня, быццам усё гэтае месца разам з каменнем, дрэвамi i людзьмi правалiлася ў бездань, залiтую на два сажнi вадою. Стаiўшы дыханне, усе скiравалi позiркi на Сакрата: iм карцела ўведаць, якiмi выкрутасамi Сакрат зможа адолець закон.