Ваўкалак (на белорусском языке)

Виан Борис

Барыс Вiян

Ваўкалак

Пераклад: А.Асташонак

Ён жыў у лесе Фос-Рэпоз, пад Пiкардзiйскiм узгоркам, вельмi прыгожы чорны дарослы воўк з вялiкiмi чырвонымi вачыма. Звалi яго Дэнi. Найболей яму падабалася назiраць з лесу за тым, як аўтамабiлi, што iмчалiся па дарозе з Вiль-д'Аўрэй, прыбаўлялi газу перад залiтым сонцам адхонам, на якiм лiвень пакiнуў толькi што алiўкавы адбiтак высачэзных дрэў. Яшчэ ён любiў гуляць летнiмi вечарамi па лесасецы i падглядаць за барацьбой нецярплiвых закаханых з нялёгкiмi эластыкавымi гарнiтурамi, з якiх, на жаль, складаецца звычайна ў наш час бялiзна. Ён, як фiлосаф, сузiраў вынiкi ўпартых намаганняў, якiя часам завяршалiся поспехам, i адыходзiў, цнатлiва пакручваючы галавою, калi якой-небудзь ахвяры прыходзiлi, як кажуць, капцы. Нашчадак многiх пакаленняў цывiлiзаваных ваўкоў, Дэнi харчаваўся травою i блакiтнымi гiяцынтамi, прыпраўляючы iх восенню адборнымi шампiньёнамi, зiмою ж вымушаны быў красцi малако ў бутэльках з вялiкага жоўтага грузавiка малочнай фiрмы; жывёльны смак малака быў проста жудасны, i воўк з лiстапада да лютага кляў бязлiтаснасць сезона, з-за якога псаваў сабе страўнiк.

Дэнi жыў у згодзе з суседзямi, якiя дзякуючы яго сцiпласцi нават не здагадвалiся пра iснаванне ваўка. Ён знаходзiў сабе прытулак у маленькай пячоры, што выкапаў шмат гадоў таму назад адзiн золаташукальнiк. Зазнаючы праз усё жыццё адны няўдачы, той страцiў урэшце апошнiя надзеi знайсцi калi-небудзь свой маленькi "кошык апельсiнаў" (як сказаў Луi Бусенар) i вырашыў на схiле дзён прадоўжыць пошукi, такiя ж марныя, як i манiякальныя, у зоне ўмеранага клiмату. Дэнi зрабiў сабе ў гэтай пячоры камфартабельнае жытло, упрыгожыў яго патроху каўпакамi колаў, гайкамi i iншымi аўтамабiльнымi дэталямi, падабранымi на дарозе пасля даволi частых тут аварый. Ён увогуле моцна захапiўся механiкай i нярэдка, перабiраючы трафеi, марыў пра сваю майстэрню. Чатыры шатуны з лёгкай сталi, на якiя ён паклаў верх дарожнага чамадана, замянялi стол, ложак быў зроблены са скураных сядзенняў старога "Амiлькара", што калiсьцi ўрэзаўся ў вялiкi каранасты платан на павароце, а дзве шыны сталi шыкоўнымi рамамi на партрэты даўно i пяшчотна любiмых бацькоў; усё гэта густоўна спалучалася з рэчамi больш банальнымi, якiя некалi сабраў золаташукальнiк.