Сяргей Давiдовiч
Мядовае знаёмства
Антось служыў у войску апошнi год. Нават не служыў - даслужваў, бо заставалiся лiчаныя днi. Што i казаць: дэмбель - на носе, салдат - на чамадане. Той, хто служыў, - ведае, што гэта за апошнiя днi i ночы. Здаецца, што час спынiўся i стаiць як укопаны. Душа - ужо дома, i толькi цела працягвае насiць салдацкую форму - даслужвае.
Калi сказаць, што Антося чакала дома штосьцi незвычайнае, - дык не! Бацькi, канешне, справа святая, але да бацькоў паспеецца - не маленькi, дзякуй Богу. Дзяўчыны, якая б сохла па iм, - да войска не займеў. Але сядзела ў салдацкай душы стрэмка, якая парола i калола i не давала яму спакою. Гэта стрэмка - незнаёмая дзяўчына, сястра яго аднапалчанiна Мiхася, якi i звёў праз пошту Антося з Алесяй. Антось паслаў ёй сваю фотакартку, яна яму - сваю, вось i ўся немудрагелiстая камбiнацыя. Але з такой немудрагелiстасцi часцяком вырастае такая закавыка, што i не прыснiш часам.
Мястэчка, дзе жыла тая знаёмая-незнаёмая Алеся, знаходзiлася ад Антосевай вёскi не дужа далёка - вёрстаў з дзесяць, таму Антось, нарэшце вярнуўшыся дамоў, прагнуў хутчэй дапяць туды i асабiста пазнаёмiцца. Адна справа фотакартка, на якой толькi галава вiдаць, другая - жывы чалавек. Можа, у яе, не дай Бог, ногi крывыя або зусiм толькi адна нага. Не-е! Трэба праверыць! Твар-то ў яе вельмi прыгожы, прыемны, а вось што там нiжэй?..