Сяргей Давiдовiч
Планета прывiдаў
Сiгнал з космасу быў запеленгаваны адразу некалькiмi наземнымi навуковымi станцыямi. Але гэта азваўся не той, усiм вядомы, калязямны космас, асвоены i пераасвоены зямлянамi, а далёкая таямнiчая Галактыка, вестак пра якую ў навуковых картатэках амаль не было. Сiгнал ляцеў з зорнай безданi праз мiльярды кiламетраў i сiвiзну часу.
Але адна справа - атрымаць вестку ад далёкiх i невядомых разумных iстотаў, другая - унiкнуць у сутнасць сiгналу, расшыфраваць яго. Вось гэта другая, хутчэй за ўсё невырашальная, справа i астудзiла першапачатковае гарачае лiкаванне i навукоўцаў, i ўрадавых чыноўнiкаў.
Каго, напрыклад, усцешыць пасылка, якую нельга адкрыць? Скрынка - яна i ёсць скрынка, а што ўсярэдзiне?..