Сяргей Давiдовiч
Стрэл дуплетам
Ужо сцямнела, калi Юзюк вяртаўся з палявання. Не пашанцавала яму сёння, i ад гэтага на душы было мутарна. Ведаў, што ў хаце галеча-пустэча i посны булён можна затаўчы толькi дзiчынай - хоць птушкай, хоць зверам. Але i дзiчына не дурная, яна самахоць у гаршчок цi на патэльню не скоча.
Да хаты заставалася зусiм блiзка - апошнi паварот лясной дарогi - i дома.
Перад самым паваротам Юзюк насцярожыўся - вуха ўлавiла шоргаты i сапенне. Ён спынiўся i падаўся ўсiм целам наперад, углядваючыся ў шэрань змяркання, якая размазвала ўсё i паглынала. На дарозе нешта вялiкай плямай корпалася i краталася.