Сяргей Давiдовiч
Заклад са смерцю
Свой першы глыток гарэлкi Вiталiк зрабiў у пятнаццацiгадовым узросце.
У роце апякло, перахапiла дыханне, пацяклi слёзы. Гадасць такая, што не ведаў, як адплявацца, чым заесцi. Але, адпляваўшыся i заеўшы, адкрыў у сабе невядомую дагэтуль лёгкасць адчуванняў. Хацелася смяяцца, рухацца, дзейнiчаць. Здавалася, што варта толькi адштурхнуцца нагамi ад зямлi i нябачныя крылы панясуць увышыню. Але гэтыя адчуваннi хутка прайшлi, i зноў вярнулiся мутарнасць i вяласць.
"Не! - сказаў сам сабе Вiталiк. - Болей у рот не вазьму гэту атруту! Сiтро! Морс! Гэта зусiм iншая справа! Гэта - клас!.."