Гi дэ Мапасан
Горны гатэль
Пераклад: Сяргей Шупа
Падобны да ўсiх драўляных гатэльчыкаў, якiх шмат параскiдана ў Верхнiх Альпах, каля падножжа ледавiкоў, у скалiстых i голых калiдорах мiж белых горных вяршыняў, гатэль Шварэнбах дае прытулак вандроўнiкам, што перапраўляюцца цераз перавал Жэмi.
Шэсць месяцаў ён застаецца адчынены, у iм жыве сям'я Жана Хаўзэра, а пасля, калi навальвае столькi снегу, што ён забiвае лагчыну i цалкам перакрывае спуск у Лёэш, Хаўзэры - жанчыны, бацька i тры сыны - адыходзяць, пакiнуўшы сцерагчы будынак старога праваднiка Гаспара Хары, маладога Ульрыха Кюнсi i Сэма, вялiзнага горнага сабаку.