Пратэктар (на белорусском языке)

Де Мопассан Ги

Гi дэ Мапасан

Пратэктар

Пераклад: Нiна Мацяш

Ён i не марыў пра такi высокi ўзлёт! Сын правiнцыяльнага судовага выканаўцы, Жан Марэн, як багата на яго падобных маладых людзей, прыехаў у Лацiнскi квартал вывучаць юрыспрудэнцыю. У разнастайных пiўнушках, у якiя па чарзе завiтваў, ён завёў сяброўства з мноствам языкатых студэнтаў, якiя за куфлем пiва пагардлiва гаварылi пра палiтыку. Жан Марэн горача захапляўся iмi, упарта хадзiў следам з адной кавярнi ў другую i нават аплачваў iхнiя выпiўкi, калi ў яго мелiся грошы.

Потым ён стаў адвакатам, абараняў справы ў судзе, але вечна прайграваў працэсы. I вось аднойчы, праглядваючы ранiшнiя газеты, ён вычытаў, што адзiн з былых яго прыяцеляў па Лацiнскiм квартале абраны дэпутатам.