Споведзь Тэадзюля Сабо (на белорусском языке)

Де Мопассан Ги

Гi дэ Мапасан

Споведзь Тэадзюля Сабо

Пераклад: Сяргей Мурашка

Калi Сабо заходзiў у Мартэнвiльскую карчму, усе загадзя пачыналi смяяцца. Няўжо ж гэты памаўза Сабо быў такi блазан? Не, проста ён не любiў святароў! От не любiў дык не любiў! Цярпець iх не мог, весялун.

Сабо (Тэадзюль), сталяр, прадстаўнiк у Мартэнвiлi перадавой партыi, быў высокi хударлявы чалавек з шэрымi ўсмешлiвымi вачыма, прылiзанымi скронямi i тонкiмi вуснамi. Калi ён казаў "Наш найсвяты айцец Попа" i рабiў адпаведны рух, усе падалi ад смеху. Па нядзелях падчас набажэнства ён браўся за работу. У панядзелак вербнага тыдня ён заўсёды калоў свiнню i еў крывянку да велiкоднай. А кожнага разу, як мiма яго ў карчме праходзiў плябан, ён жартам казаў: "Яшчэ адзiн глынуў свайго бога за стойкай".