Знак (на белорусском языке)

Де Мопассан Ги

Гi дэ Мапасан

Знак

Пераклад: Сяргей Шупа

Маркiза дэ Рэндон яшчэ спала ў сваiм прыцемненым i напарфумаваным пакоi, у сваiм нiзкiм i мяккiм ложку, у бялiзне з лёгкага батысту, тонкага, як карункi, пяшчотнага, як пацалунак. Яна спала адна спакойным, глыбокiм i шчаслiвым сном разведзенай жанчыны.

Яе абудзiлi гучныя галасы, што даносiлiся з маленькага блакiтнага салона. Яна пазнала сваю дарагую сяброўку, баранесу дэ Гранжры, якая, хочучы ўвайсцi, спрачалася з пакаёўкай, што баранiла дзверы сваёй гаспадынi.