Гi дэ Мапасан
Звер васпана Бэлёма
Пераклад: Нiна Мацяш
Гаўраўскi дылiжанс быў гатовы да ад'езду з Крыкто; усе пасажыры сабралiся ў двары гатэля "Камэрс", якi належаў Маляндэну-сыну, i чакалi, калi iх паклiчуць на пасадку.
Дылiжанс - жоўтая карэта на высокiх, некалi таксама жоўтых, а цяпер амаль шэрых ад бруду колах. Пярэднiя колы былi зусiм невялiчкiя; заднiя, высокiя i вузкiя, падпiралi касабокую буду, пузатую, як чэрава нейкага звера. Тры сiвыя канякi, чые вялiзныя галовы i таўшчэзныя круглыя каленi адразу кiдалiся ў вочы, запрэжаныя "арбалетам" - адзiн конь уперадзе, два астатнiя - галава ў галаву - ззаду, - мусiлi цягнуць гэтую калымагу, у будове i ў выглядзе якой мелася нешта ад страшыдла. Конi, здавалася, паспелi ўжо задрамаць паперадзе дзiвакаватай фуры.