Затрымка рэйса

Каляда Югася

Югася КАЛЯДА

ЗАТРЫМКА РЭЙСА

Аднолькавыя шэрагі аднолькавых металічных крэслаў з акуратнымі круглымі адтулінамі ў спінках спакойна паблісквалі, залітыя роўным электрычным святлом. Калі Уорвік спрабаваў доўга, не міргаючы, глядзець на гэтыя мулкія сядзенні, перад яго вачамі яны пачыналі памнажацца, вібрыраваць, пульсіраваць і ўсё гэта супадала з рытмам, у якім білася ягонае сэрца. Адчуванне было такое, што зараз закружыцца галава. Тады, каб апярэдзіць галавакружэнне, ён закрываў вочы, павольна лічыў да дзесяці, і здавалася, што ў гэтай аксамітнай мяккай цемрадзі ёсць нейкі пробліск няўлоўнага шчасця: зараз ён расплюшчыць вочы, і навакольны свет, «аб’ектыўная рэальнасць», зноў узнікне перад ім у звыклых формах. Хаця застанецца яшчэ на некалькі секунд спачатку вострае, потым прыцішанае, але ўсё адно хвалюючае ўсведамленне сваёй спрычыненасці да таямніцы гэтага свету, да нетрываласці, хісткасці рэальнасці.

Уорвік бязмэтна, у чаканні, сузіраў вялізную залу аэрапорта. Яму здавалася, што тут няма нічога выпадковага, што, на першы погляд, бязладны рух людзей па зале насамрэч злучаны ў сістэму, і кожнае, быццам адвольнае перасоўванне падпарадкавана правілам гульні: складанай, шматступеньчатай, накшталт шахматнай. І здавалася яму, што людзі, якія сядзяць на металічных крэслах, чакаючы сваіх рэйсаў, — дзейныя асобы загадзя вызначанай дзеі.