Камень (на белорусском языке)

Колас Якуб

Якуб Колас

Камень

Такiх прыгожых месцаў, якiм быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсцi. Прынамсi, так думаў даўганосы бусел, каторы меў тут, на старадрэвiне, пышны палац. А бусел усё ж такi трэцца па свеце, i на яго словы можна мець увагу.

Шумлiвая рэчка, цёмны лес, поле, луг i гурт старасвецкiх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям'ёй, выглядалi весела, а падчас i шчаслiва, i гэтым самым як бы пацвярджалi, што тут i сапраўды не кепска. Але бывалi i такiя выпадкi, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалi, крыху гаравалi, - без гэтага не абходзiцца ў жыццi. I хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.

Але самым шчаслiвым жыхаром быў тут, ведама, камень, - так злажылi i згадзiлiся яго суседзi: рэчка, лес i другiя. I праўда, як нi моцныя дубы, а ўсё ж iх матлашылi i сушылi вятры, iх палiла сонца, на iх мецiлiся цяжэрныя хмары залатымi стрэламi пякучых маланак, а ў час навальнiцы па iх каранёх тапталiся людзi.