Якуб Колас
На чужым грунце
Самая важная прычына ўсiх яго нягод крылася ў тым, што гэта Калiва расло на чужым грунце. Хто яго ведае, як занеслася яно на зялёны луг. Але ласне яно вiнавата? Або хто вiнават? I навошта шукаць вiнаватага? Проста выкiнулася зернетка аржаное з мяшка, як везлi ў млын жыта, - цi ж не магло хiба так стацца? А можа, якi падарожны, iдучы полем, сашмаргнуў, не думаючы, каласок i iшоў потым праз гэты луг i кiнуў зернетка. Толькi ж узрасло яно мiж чужынцаў: поруч з iм рос званец, мяцёлка, а каля саменькага карэння цiснулася ўсялякая трава-драбяза: шчытнiк, iмяло, белая дзяцелiна, муражок i розныя краскi. Але гэтыя суседзi не хацелi знацца з сiрацiнай i лiчылi вялiкаю ганьбай для сябе i свайго гонару кампанёўства з закiданым Калiвам Жыта. Ну, што ж! хiба змусiш каго, каб любiў цябе, раз ты нiкому не люб? Няхай!
Надышла вясна. Вясна гэта такая пара, у якую адны толькi няўдатнiкi, адны бяздольнiкi, па справядлiвасцi нешчаслiвыя, не знаюць радасцi. Вясна - гэта пара, калi ўсе спяшаюцца скарыстаць гэты час для шырокай вясёласцi i глыбокага жыцця сэрца.
Бывала, чуць-чуць пачне паказвацца з-за лесу сонца, а на лузе ўжо пачыналiся спевы, шчаслiвыя, улюбёныя шэпты чаротаў з высокай жорсткаю асакою. Падыдзе сонейка яшчэ вышэй, пачынаюць злятацца матылёчкi, ды такiя прыгожыя, так хораша ўбраныя, што найпершы зух-фарсун пазайздросцiў бы iм. Усякiя травы, кветкi, кожны кусцiк, кожная саломiнка, падымалi голавы, цягнулiся к сонцу, вiталi яго i ў чэсць яго курылi найлепшымi ладанамi - чысцейшымi туманамi ранiцы i прыямнейшымi пахамi свежых красак лугу. I сонейка вiталася з iмi i рассыпалася золатам, дыяментамi ў кожнай капельцы расы, адлiвала ўсiмi колерамi вясёлкi. Закiданае Калiўца Жыта таксама жадала сонца i цягнулася да яго кожнаю сваёй жылкай, усiм нутром сваiм. Мяцёлка штурханула яго.