Што яны страцiлi (на белорусском языке)

Колас Якуб

Якуб Колас

Што яны страцiлi

Калi вы скажаце, што гэта не праўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкi? I цi не бывае так, што выдумка ходзiць, як праўда, а чыстую праўду лiчаць за выдумку? А калi так, дык прашу слухаць уважна.

Каму прыходзiлася хоць раз пабачыць гэты куточак, той напэўна не забудзе яго нiколi. Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе i цяпер стаяць такiя слаўныя дубы.

Не ведаю, як каму, а маiм героям, аб якiх павядзецца гутарка, жылося тут незвычайна весела. Яно, калi сказаць праўду, iначай тут i быць не магло, бо гэты куточак быў вельмi прыгожы. Лес, пераважна дубовы, стаяў на ўзгорку. На тым яго баку, што выходзiў на ўсход, цягнуўся цэлы шырачэзны пас дубоў. Дубы былi выносныя, стройныя, бы точаныя, i такiя тоўстыя, што тры чалавекi не маглi абняць камель рукамi.