Якуб Колас
У чым iх сiла
I
Можа, гэта быў i не той верабейчык, што прасiў былiнку, каб яго пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былiнцы ён калыхаўся. Каб я ведаў вераб'iныя iмёны, то даў бы яму самае прыгожае з iх. Але пра вераб'iныя iмёны нiчога не чуваць, i ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго проста: Верабейка-Калыханчык.
Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былi такiя будынкi: хаты з чырвонымi комiнамi, клунi, хлевушкi, свiронкi i прыгрэбнiкi з нiзенькiмi, да самае зямлi, стрэхамi. Двары былi прасторныя i вясёлыя. Каля хат раслi кучаравыя вiшанькi; былi тут iгрушы i яблынi. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылi звяры i драпежныя птушкi: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзiў часамi з лесу воўк i выглядаў, цi не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталi таксама i каршуны, каб забраць бедную курыцу цi якую-небудзь птушку. А птаства тут было многа: былi тут вераб'i, ластавачкi, плiсачкi, галубы, качкi i iншыя.