Сакё Камацу
Смерць Бiкунi
Пераклала Iрэна Дабрыян
1
Цяжкiя свiнцовыя хмары сцерлi з неба сiнь, апусцiлiся нiзка-нiзка над пачарнелым ледзяным морам, i здавалася, што на свеце нiчога няма, апрача гэтых хмар i вострага, як лязо кiнжала, ветру, якi ўзнiкаў з безданi i рваў чалавечую плоць. Вецер шалеў, гнаў з мора пырскi, застылыя ў ледзяны шрот, уздымаў з зямлi халодны калючы пясок. Хмары раслi i шырылiся, клубiлiся, залiвалi гарызонт чарнатою. Грукат хваль i выццё ветру, заглушаючы адно аднаго, прадвяшчалi блiзкую снежную буру.