Ноччу (на белорусском языке)

Коршуков Евгений

Яўген Каршукоў

Ноччу

Яна расплюшчыла вочы i не адразу зразумела, што яе разбудзiла... Прыслухалася. Але ўсё было цiха. На столiку, паблiзу, цiкаў будзiльнiк. Стары будзiльнiк, з вялiкiмi рымскiмi лiчбамi. Святло месяца рабiла пакой зялёным. I жоўты цыферблат таксама. Толькi стрэлкi выразна чарнелi супраць лiчбы "адзiн"... Гадзiна ночы! Яна ўздыхнула, павярнулася на другi бок. I тут убачыла, што яго няма побач, што адна палавiнка дзвярэй у суседнi пакой, дзе спяць дачка i ўнук, прыадчынена...

Яна паспешлiва, з трывогаю, устала з ложка, намацала нагамi шлёпанцы i, стараючыся не шумець, асцярожна прасунулася ў прыадчыненыя дзверы...

Тое, што яна ўбачыла, вельмi напалохала яе: схiлiўшыся, ёв стаяў, доўгi i страшны, над ложкам унука... Увесь нейкi зялёна-блакiтны... Стаяў i нешта рабiў худымi даўжэзнымi рукамi. Яе спалохалi гэтыя рукi. Што ён робiць?! У соннай галаве мiльганулi самыя неверагодныя думкi... Падаўшыся ўперад, яна ўжо збiралася крыкнуць. Так, каб разбудзiць усiх у хаце - дачку, унука... З гэтым дзiкiм крыкам яна гатова была кiнуцца да яго i абаранiць нi ў чым не вiнаватае дзiця. Перад вачыма былi тонкiя рукi, знаёмыя i страшныя рукi...