Агата Крысцi
Чацвёра падазроных
Апавяданне
Пераклад: Валерый Чудаў, Кацярына Дзмiтрыенка
Размова вялася пра нявыкрытыя i непакараныя злачынствы. Кожны па чарзе выказваў сваю думку: палкоўнiк Бантры, яго таўсманая сiмпатычная жонка, Джэйн Халiер, актрыса, доктар Лойд i нават старая мiс Марпл. Быў яшчэ адзiн чалавек, якi сядзеў моўчкi, нiчога не гаварыў, хоць быў тут самы дасведчаны ў гэтым пытаннi. Сэр Генры Клiтэрынг, былы камiсар Скотланд-Ярда; сядзеў цiха, зрэдку пагладжваў вусы i ўсмiхаўся. Збоку здавалася, што ён думае аб нечым забаўным.