Лёс (на белорусском языке)

Моруа Андрэ

Андрэ Маруа

ЛЁС

- Лёс? - сказаў Бландэль. - Не, я не веру ў лёс... цi, больш дакладна, не веру ў тым сэнсе, якi надавалi гэтаму слову ў старажытнасцi... Я не веру, што нейкая варожая сiла, схаваўшыся за ўсыпанай зоркамi заслонай, вышуквае людзей i рыхтуе iм гiбель... Я не веру, што нейкi пякельны механiзм, сканструяваны багамi, заўсёды абкружае нас сваiмi хiтрамудрымi i жорсткiмi спружынамi, якiя мы накручваем i прыводзiм у рух... Не... Наадварот, я веру, што сусвет абыякавы да ўчынкаў людзей i кожны з нас можа, у пэўнай меры, каваць свой уласны лёс... Такая вера супакойвае... Аднак...

Ён спынiўся i хвiлiнку падумаў:

- Аднак бывае такi дзiўны збег акалiчнасцей... такiя цудоўныя супадзеннi... спалучэннi падзей, калi ўсё адно да аднаго, зубец да зубца, шасцярня да шасцярнi, так дапасавана i з такой няўхiльнасцю прыводзiць да катастрофы, што спасылка на выпадковасць не кожнага можа задаволiць. О, я добра ведаю, што з мiльярдаў фактаў, сведкамi якiх мы былi, знойдзецца некалькi незвычайных... Тым не менш д'ябальская злашчаснасць гэтых здарэнняў нярэдка можа здзiвiць людзей самых далёкiх ад забабоннасцi.