Палярына (на белорусском языке)

Моруа Андрэ

Андрэ Маруа

ПАЛЯРЫНА

- Цi ведалi вы цудоўнага аўстрыйскага паэта Рызэнталя? - запытаў ён.

- Я сустракаў яго толькi адзiн раз, - адказаў я. - Мне помнiцца, ён тады гаварыў пра Расею, нейк вельмi прыгожа сплятаючы наiўнае з таямнiчым. Вакол яго расповядаў нiбы калыхаўся лёгкi туман, якi надаваў апiсаным iм персанажам контуры прыблiзныя i формы, што выходзiлi за мяжу чалавечага... Нават голас яго быў дзiўны i як бы прыкрыты адлегласцю... Так, сапраўды, бачыць яго мне давялося ўсяго адзiн раз, i ўсё ж я палюбiў яго больш, чым многiх звычных i блiзкiх мне людзей... Хутка пасля гэтай кароткай сустрэчы я прачытаў паведамленне аб яго смерцi. Сумна мне стала, але я не здзiвiўся, бо выгляд у яго быў, як у жывога нябожчыка. Потым, даволi часта, вандруючы ў самых розных краiнах, у Францыi, у Германii, у Iталii, усюды я знаходзiў сяброў Рызэнталя: то мужчыну, то жанчыну, якiм ён напоўнiў сэнсам жыццё, прасвятлiў розум i якiя, дзякуючы яму, мелi больш далiкатнасцi i чуласцi, чым iншыя чалавечыя iстоты.

- Я вельмi рад, што мы аднолькавай думкi, - прамовiў ён, - бо я таксама быў другам Рызэнталя. Як i вы, я з iм бачыўся толькi гадзiну, але забыць яго ўжо не мог. Гады тры таму, праязджаючы праз маю мясцовасць, ён мяне ўзгадаў, даслаў лiст i спынiўся ў мяне на адзiн дзень. Пачыналася восень, i было халаднавата. Я жыву каля падножжа высокiх гор. Рызэнталь, чалавек зябкi i кволы, быў апрануты па-летняму i адчуваў сябе дрэнна без цёплай вопраткi. "Цi не маглi б вы, - сказаў ён, усмiхнуўшыся, - мне пазычыць палiто?" А вы бачыце, што я намнога таўсцей i ростам вышэйшы за нашага сябра. Я пайшоў шукаць сваю карычневую палярыну, у якой звычайна выходзiў узiмку на паляванне. Рызэнталь, усцешаны, паказаў мне, што можа з галавой укруцiцца ў пышныя падвойныя складкi матэрыi, i, накiнуўшы на сябе палярыну, доўга прагульваўся разам са мной пад кронамi дрэў.