Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)

Мудров Винцесь

Вiнцэсь Мудроў

Рыбалка ў Бычках

I

- У эфiры - нядзельны канцэрт-вiншаваньне "Жадаю вам". Васемсот семдзесят дзевяты выпуск, - паведамiў урачысты барытон i Макар канчаткова абудзiўся. Галава балела да божай моцы. Стваралася ўражаньне, што ўнутры яе, па мазгавых зьвiлiнах, казытлiва поўзалi мухi. У роце было як насцана, а да горла, намагаючыся выйсьцi на-гара, падступаў халодны камяк млосьцi. Выгалiўшы вочы, Макар каўтнуў даўкую сьлiну, камяк адступiў, правалiўся на дно страўнiка i растаў там, агiдным халадком адбiўшыся пад дыхнiцай.

- Больш як сорак гадоў адрабiла наша матуля ў родным калгасе. За гэты час яна выгадавала траiх дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамi праўленьня калгаса, - гукаў аднаканальны "Сож" i кожны зык, што далятаў да вушэй, балюча калоў у скронi.