Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
ЧАЦВЁРТЫ, САМЫ ЧАРОЎНЫ
Мядункі не жадалі распускацца. «Пчолы зноў забяруць наш пылок», — нылі яны і ўпарта сціскалі пялёсткі. «У нас яшчэ не паспелі тычынкі», — бубнілі званкі і дэпрэсіўна гойдаліся на крывенькіх валасатых сцяблінках. Мак-самасейка і зусім адмовіўся размаўляць, адвярнуў бутоны і прыхаваў іх лісцікамі. Ільвіная зяпа пазяхала, не перастаючы, сон-трава бессаромна храпла, а світанак няўмольна набліжаўся.