В. Гапееў
Ведзьміна тоня
…Калі выйсці за вёску і збочыць з пыльнай дарогі ўправа, па сцяжынцы, якую пратапталі рыбакі, прайсці з паўкіламетра полем, між радкамі калгасных буракоў, патрапіш на старую канаву. Вада ў ёй бывае тут толькі вясной і надта дажджлівым летам. Берагі канавы сталі пакатымі, зараслі месцамі густым вербалозам, па які стары, няспешлівы дзед Васіль прыходзіць кожную вясну – нарыхтаваць “матэрыялу” на новыя кошыкі.
Дзед носіць пруткі вербалозу роўнымі снапкамі мо цэлы тыдзень, а потым надвячоркам у сваім двары пляце кошыкі. Кошыкі ў дзеда Васіля атрымліваюцца лёгкія, зручныя. Пляце вялікія, як мужчыне падняць, калі поўныя бульбы, і сярэднія – якраз для жанчын і бабуль. І зусім невялічкія –на розныя там патрэбы. Бяруць кошыкі ў дзеда ахвотна. Плату за іх ён вызначыў даўно: прынясеш восенню столькі бульбы, колькі ў той кошык умесціцца. З гэтым усе згаджаюцца, і як пачынаецца копка бульбы, у двары дзеда Васіля хутка вырастае ладная куча – нясуць бульбу, насыпаную з верхам.