Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку (на белорусском языке)

Окудович Валентин

Валянцiн Акудовiч

Вайна культураў, альбо Пiрамiда Хеопсу за мурам Мiрскага замку

Мiлажальнасьць культуры - гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым iх носьбiты - народы (гэта аднолькава пасуе i для беларускай культуры). Калi ў войнах памiж народамi хоць зрэдчас здараюцца перапынкi, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. I таму ў войнах культураў - культураў загiнула болей, чым загiнула народу ў збройных войнах народаў.

Не заўсёды i зусiм неабавязкова чужая культура прыносiцца на штыках i штыкамi ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волi да панаваньня зьнiшчыла iншых культураў нашмат больш, чым усе войскi Расейскай iмпэрыi зьнiшчылi iншых войскаў. (У Расеi сталася амаль iдэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краiны жыве больш за сто народаў i народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагi на тое, што дакладную колькасьць народаў i народнасьцяў нiхто i нiколi ў Расеi нават не зьбiраўся лiчыць. Зьвернем толькi ўвагу на тое, што для гэтых "больш за сто народаў i народнасьцяў" дамiнуючай, а пераважна i адзiнай культурай зьяўляецца расейская).

Дык вось, калi запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не iдэнтыфiкуе сябе зь беларускаю культураю, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьлiч гадоў нi на хвiлiну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у вынiку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможанаю. I, бадай, найтрагiчным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.