Уладзiмiр Арлоў
Апэрацыя "Прусакi"
Сёмыя ўгодкi сьмерцi Ларысы Генiюш
Яшчэ й цяпер у зiмовую ранiцу, у тыя колькi хвiлiнаў сьцiшанага йснаваньня памiж яваю й сном, я магу зьнячэўку ўсьцешана падумаць: перад Калядамi паеду да Бабулi.
Так мы называлi яе мiж сабою ў гаворках, у лiстох i ў тэлефонных перамовах - зь любасьцю, а таксама (уважаючы на "товарища майора") з асьцярогаю. Зрэшты, мяркую, "товарнищ майор" цудоўна ведаў, што Бабуля - гэта Ларыса Антонаўна Генiюш.