Уладзiмiр Арлоў
Не гуляйце каля статуi Свабоды
У сёмай клясе наш настаўнiк геаграфii стварыў турыстычны гурток. Праграма дзейнасьцi была зразумелая й простая, як абвешчаны Хрушчовым плян пабудовы камунiзму. Увечары мы хадзiлi на таварную станцыю разгружаць вагоны, каб на атрыманыя грошы ўлетку падарожнiчаць. Хадзiла пагудка, што палову нашага заробку кiраўнiк гуртка прысабечыў, але мы не затаiлi на яго крыўды, бо на астатнiя грошы ён павёз нас у Рыгу.
Рыга была маiм першым вялiкiм горадам.
Падчас разгрузкi вагонаў скрыня з бутэлькамi адцiснула нагу майму аднаклясьнiку Вiцю Скрыпкiну, i ён доўга кульгаў. Вiцю перавялi да нас у трэцяй клясе, i мы глядзелi на яго як на дэбiла. Дый хто яшчэ ў нашым уяўленьнi мог вучыцца ў адзiнай у Полацку беларускай школе, якую якраз тады па просьбах працоўных зачынiлi?