Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi (на белорусском языке)

Орлов Владимир (2)

Уладзiмiр Арлоў

Старыя Лiвадзiйскiя могiлкi

Здарыцца так, што дабрадзеi з Саюзу пiсьменьнiкаў адшпiляць табе пуцёўку ў Дом творчасьцi iмя Антона Паўлавiча Чэхава, i ты апынесься сярод дзьвюх сотняў творцаў, зь якiх калi-небудзь схiлялiся над пiсьмовым сталом мо чалавек дзесяць. Цябе гэта зусiм ня будзе абыходзiць, калi левакi будуць трымацца, як людзi, але яны будуць касiць пад пiсьменьнiкаў, i ты паспрабуеш закасiць пад сантэхнiка, узнагароджанага пуцёўкаю за перамогу ў сацыялiстычным спаборнiцтве, i будзеш з ганьбаю выкрыты, калi прарве трубу, i трое пiсьменьнiкаў з суседняга стала прафэсiйна залезуць у каналiзацыйны лаз i ймгненна лiквiдуюць аварыю. Праўда, сярод творцаў будзе непрыкаяна блукаць пад кiпарысамi некалi гнаны, а цяпер улаўраны расейскi паэта, i расейскамоўная аўтарка зь Менску, у якой ад беларускай мовы на твары зьяўляецца гiдлiвая грымаска, i малады армянскi перакладчык Ашот, якi, кажучы словамi М. Зошчанкi, "знает дам и верит в их назначение"...

Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом ня дзеля назiраньняў за прадстаўнiкамi твайго вiду й безь вялiкiх спадзяваньняў стварыць нешта генiяльнае. Ты прыедзеш таму, што недзе там, у Ялце, ля сiняй бухты, ляжыць Максiм Багдановiч. Адзiны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзiя сапраўды здольная зьдзейсьнiць дзiва. Бо бачыў тое дзiва на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афiцэра й расеец па пашпарце, якi зрываў урокi нiколi не вывучанай iм белмовы, у дзясятай клясе грэблiва выкалупнуў нагой з сабранае пiянэрамi макулятуры Максiмаў зборнiчак, пачаў, скрывелiўшыся, чытаць, а потым зрабiўся беларускiм празаiкам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, якi адабралi хлопцы ў цывiльным.

Недзе там, зусiм блiзка, будзе ляжаць Максiм Багдановiч, i табе дастаткова будзе запынiць таксоўку ды сказаць: "Старое Ливадийское кладбище", але замест простага й лягiчнага ўчынку ты чамусьцi будзеш дзень пры днi плёхацца ў цёплым, быццам вада ў лазнай балеi, моры ды шнураваць па ўзьбярэжжы.