Уладзiмiр Арлоў
Прароцтвы Розы Герцыковiч
Гэта, вядома, паталёгiя, але мушу вам сказаць, што, зрабiўшы сваiм успамiнам рэвiзiю, я канчаткова пераканаўся: нi ў маленстве, нi потым я, па гамбурскiм рахунку, не пазайздросьцiў нiводнаму чалавеку.
У трэцяй клясе я быў апантаны мараю пасялiцца з аднаклясьнiцай Верачкай на ўласным атоле ў трапiчных шыротах, але чамусьцi анi не зайздросьцiў амэрыканскiм мiльярдэрам, якiя маглi купiць сабе дзе-небудзь у Iндыйскiм акiяне цэлы архiпэляг. Зь дзяцiнства маючы схiльнасьць да фаталiзму, я хваравiта не зайздросьцiў хлопцам, якiя "хадзiлi" з прыгажэйшымi за маiх дзяўчатамi. Я (што, наогул, проста недаравальна) нi разу - якiя б шэдэўры яны нi стварылi - не адчуў зайздрасьцi да калегаў-лiтаратараў.
Але шкадаваць мяне за абдзеленасьць адным з наймацнейшых, найдзiвосьнейшых i найшматфарбнейшых чалавечых пачуцьцяў вы ня сьпяшайцеся. Што такое зайздрасьць, я ведаў ня горай, а можа, i лепей за самых заўзятых зайздросьнiкаў. Iхныя эмоцыi скiроўвалiся на падобных да сябе самiх, мой жа дыяпазон быў непараўнальна шырэйшы: аб'ектамi зайздрасьцi мне служылi рэчы, расьлiны, жывёлы...