Карчоўнiк (на белорусском языке)

Саченко Борис

Барыс Сачанка

Карчоўнiк

Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу i з дапамогай нячыстай сiлы нажыў вялiкiя багаццi, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, i калi, здавалася, сама б жыць i радавацца... Словам, прыйшоў чорт i пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў - душу... Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзiн з шарых асеннiх вечароў, седзячы на печы, дзед Максiм...

Дзеда забiлi немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якiм, увалiўшыся ў двор, пусцiлi чаргу з аўтамата чужынцы, калi той з брэхам адчайна кiнуўся на iх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусцiць. Кулi прашылi дзеду грудзi, перабiлi ногi, i ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, звалiўся проста тварам у снег...

Сабаку, упрогшыся ў саматужкi, мацi завезла ў той жа дзень некуды ў лес i закапала. А дзед, нейкi аж занадта суровы, з нежывымi, ашклелымi вачыма i складзенымi на грудзях касцiстымi, жылiстымi рукамi, нерухома ляжаў на лаве яшчэ вечар i ноч, пакуль не змайстравалi яму са свежых габляваных дошак дамавiны, не палажылi яго туды i не павезлi на могiлкi. Там, на пагорку, пад старою карыстаю сасною, дзеда пахавалi, паставiўшы на яго магiле высокi дубовы крыж...