Тыя (на белорусском языке)

Саченко Борис

Барыс Сачанка

Тыя

Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? I сама не ведаю. Толькi... Рупiць i рупiць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: "Ну, не марудзь, пiшы..."

I я, не ў змозе супрацiўляцца, пiшу...

...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымi таполямi ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалi густа, як нiколi, i думала пра тое, што займала ў апошнiя днi мяне больш i больш, - пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакiнулi ў самых нечаканых месцах на Зямлi iншапланецяне... I не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек - прыкладна маiх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымi разумнымi вачыма, мужным хударлявым тварам i сцятымi, вельмi ж валявымi губамi - якраз такi, якiя мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калi я марыла, каго б магла пакахаць i за каго выйсцi замуж, - i спытаў, цi можна яму прысесцi, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, нi слова не кажучы, моўчкi пасунулася на край, дала яму месца.