Мур (на белорусском языке)

Сартр Жан Поль

Жан-Поль Сартр

Мур

Пераклаў Змiцер Колас

Нас заштурхнулi ў вялiкi белы пакой, i я адразу замiргаў ад яркага святла, якое ўдарыла ў вочы. Потым я ўбачыў стол i за iм - чатырох тыпаў у цывiльным, якiя разглядалi паперы. У дальнiм куце гуртам таўклiся iншыя вязнi, мы прайшлi праз увесь пакой i сталi побач. Многiх я ведаў, iншыя былi, напэўна, замежнiкi. Двое, што стаялi блiжэй да мяне, былi вельмi падобныя: абодва бялявыя i круглагаловыя - мусiць, французы. Меншы ўвесь час падцягваў нагавiцы: вiдаць, нерваваўся.

Працэдура цягнулася амаль тры гадзiны; я зусiм ачмурэў, у галаве не было нiякае думкi, але ў пакоi было цёпла, i ўвогуле мне гэта падабалася: за апошнiя суткi мы добра пападрыжалi на холадзе. Наглядчыкi аднаго за адным падводзiлi арыштаваных да стала. Чацвёра ў цывiльным пыталiся ў iх iмя i прафесiю. Найчасцей яны гэтым i абмяжоўвалiся, але зрэдку сяму-таму задавалi яшчэ адно нейкае пытанне, накшталт: "Прымаў удзел у сабатажы паставак узбраенняў?" Альбо: "Дзе быў дзевятага ранiцай i чым займаўся?" Адказаў яны не слухалi, прынамсi, такi ў iх быў выгляд: пэўны час яны моўчкi глядзелi некуды перад сабой i потым пачыналi пiсаць. У Тома яны спыталi, цi праўда, што ён быў у Iнтэрнацыянальнай брыгадзе; адмаўляцца не мела сэнсу - пры арышце ў яго знайшлi дакументы ў куртцы. У Хуана яны нiчога не запыталiся, але калi ён назваў сваё iмя, доўга нешта пiсалi.