Анатоль СІДАРЭВІЧ
«САПРАЎДЫ, ЛЕНІН ДУМАЎ ПРА БЕЛАРУСЬ!», або СА СФЕРЫ ІДЭАЛОГІІ І ЭМОЦЫЙ У НАВУКОВУЮ СФЕРУ
Калі наступіла гарбачоўская перабудова і калі стала модна быць антыкамуністам, не адзін фацэт іранізаваў і кпіў з Генадзя Бураўкіна, аўтара паэмы “Ленін думае пра Беларусь”. І вось, на пачатку ХХІ стагоддзя доктар гістарычных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыгор Лазько, як бы палемізуючы з тымі, хто кпіў з паэта і з Леніна, піша: сапраўды, Ленін думаў пра Беларусь. І сказ завярашае клічнікам. І заклікае сваіх чытачоў са сферы ідэалогіі і эмоцый перайсці ў навуковую сферу і кіравацца фактамі.