Раман Сабаленка
Перастарка
Неяк так здарылася, што Гарпуська засядзелася ў дзеўках. Нельга сказаць, каб дзяўчына была з якiм бракам. Наадварот, у свой час Гарпуська была вельмi паглядная. Крыху камлюкаватая яе постаць была добра скроена, прыгожыя рысы твару надавалi нейкую своеасаблiвую цеплыню. Не так даўно адбою не было ад хлопцаў. Яшчэ i летась да Гарпуськi часцяком наведваўся трактарыст Мiкiта Чурак. Ён, гэты трактарыст, кажуць, ужо асеў назаўсёды ў Ямiшчах, гэта значыць у трэцяй брыгадзе, якая знаходзiцца за сем цi за восем (хто яго там калi мераў) кiламетраў ад цэнтра калгаса "Зялёная нiва".
У свой час у Ямiшчах быў асобны калгас, i Гарпусьчын бацька - Свiрыд Клiмянок - быў за старшыню ў iм. Год колькi назад ямiшчынскi калгас далучылi да "Зялёнай нiвы", i ён стаў трэцяй паляводчай брыгадай. А праз два гады пасля гэтай падзеi здарылася няшчасце: Свiрыд Клiмянок сеў на жарабца Патона i паехаў у праўленне калгаса. Жарабец быў малады, неаб'езджаны, i, калi Свiрыд ехаў палявой дарогай праз жыта, ён нечага ўпудзiўся, i брыгадзiр так грымнуўся вобземлю, што нядоўга пажыў на гэтым свеце. Казалi, што пячонкi адбiў чалавек. Колькi нi старалiся дактары, не далi рады яго адхаяць.
Адным словам, у Клiмянковай хаце не засталося i мужчынскага заваду. I цi то таму, што ў хату трэба быў мужчына, бо нельга ж без яго жыць - дроў накалоць, дык бярыся сама за сякеру, зноў жа такi ўзараць сядзiбу, то прасi на прамiлы бог каго, - старая Параска - Гарпусьчына мацi - часцяком намякала дачцэ, што трэба ўжо i пары шукаць. Аднаго разу ўвечары да Клiмянковых у хату зайшоў Мiкiта Чурак. Мацi, вiдаць, скмецiла, што гэты хлопец хоча з акрайцам прыйсцi ў сваты да дачкi. Яна гэтак уважлiва аглядала яго, што той сябе адчуваў нiякавата. Старая доўгi час распытвала ў Мiкiты пра бацькоў, бо ён быў нетутэйшы. Параска ў душы была ўжо згодна на тое, каб Мiкiта прыслаў сватоў, хоць хлопец ёй i не зусiм падабаўся: ён быў нейкi мiзэрны, да таго ж вельмi маўклiвы i сарамлiвы. Праўду сказаць, цётка Параска не вельмi любiла такiх. Яе ж нябожчык Свiрыд у маладосцi вунь якi зух быў: i на язык, i на работу. Калi за што, бывала, возьмецца, дык тое аж гарыць у руках. А гэты як пачне гаварыць, дык нiбы яму цяляты язык аджавалi. Зноў жа такi, Мiкiта ходзiць заўсёды зашмальцаваны, мурзаты, нiбы яму i ўмыцца няма калi. Матчына вока заўважыла ў той раз, як Мiкiта быў у iхняй хаце, што Гарпуська не вельмi горнецца да хлопца, але сама сабе падумала, што дачка ўжо немаладых год i, чаго добрага, яшчэ зусiм застанецца ў дзеўках. Яна ўжо заўважыла, што i яе Гарпуська пачала неяк мiзарнець. Нос яе завастрыўся, палупiўся ад сонца i ветру, твар здрабнеў, вочы неяк запалi. Ды хiба дзiва, раслiна i тая, калi перастоiць на коранi, жоўкне, нiкне да зямлi. I таму, калi Мiкiта, развiтаўшыся, выйшаў з хаты, Параска, напускаючы на сябе штучную злосць, сказала: