Алесь Стаховiч
Неспакойны гарадок
Бясследнае знiкненне двух фашысцкiх бургамiстраў з гэтага невялiкага, напалову разбуранага беларускага гарадка выклiкала сярод жыхароў нямала гаворкi. Розныя чуткi хадзiлi па хатах, але дакладна нiхто не ведаў, як гэта ўсё было.
Пра першага бургамiстра, якога прывезлi аднекуль фашысты на другi дзень акупацыi, больш за ўсё гаварылi, што нiбыта ён кожны дзень атрымлiваў шмат пiсем ад невядомых яму асоб. У гэтых пiсьмах не ставiлiся нiякiя подпiсы, але выразна пiсалася: "Калi ты, падлюга, i далей будзеш служыць фашысцкай поганi, - не хадзiць табе па зямлi нашай". Быццам з гэтае прычыны ён нават у сваiм пакоi заўсёды трымцеў, як асiнавы лiст. Уварвецца ў горад парывiсты вецер, вiхрам уздыме, закруцiць снежныя слупы, пранясецца цераз руiны i папялiшчы, шаргане па шкле, а бургамiстр у момант ускаквае з крэсла, з кутка ў куток лётае па пакоi, прыглядаецца ў акно, прыслухоўваецца... I ў сумных посвiстах ветру чуецца яму хаўтурная мелодыя. Пасля таго як атрымаў пiсьмо ад партызанаў, ён цэлыя суткi не мог нi спаць, нi есцi: кажуць, звёўся на нiтачку i, нарэшце, у смяротным жаху перад народнымi мсцiўцамi, цiшком ад гiтлераўскага камандавання кiнуў сваю пасаду i ўцёк з горада ў невядомым кiрунку.
Пра другога ж, усiм вядомага прайдзiсвета, сцвярджалi проста, што ён не мiнуў рук мясцовых партызанаў. Быццам аднойчы ўвечары, калi горад быў спавiты шэрым туманам, будынак бургамiстра акружыў атрад Купрыяна. Партызаны цiшком знялi вартавых, забралi зброю, а самога бургамiстра, пасля таго як ён падпiсаў нейкi важны дакумент, запхнулi ў мех, завязалi вяроўкай, сцягнулi па сходцах на двор i павезлi з сабою. А потым дзесьцi ў лесе правялi над iм суд народны.