Янка Брыль і літаратурны ландшафт ХХ стагоддзя

Тычына Міхась

Міхась ТЫЧЫНА

ЯНКА БРЫЛЬ І ЛІТАРАТУРНЫ ЛАНДШАФТ ХХ СТАГОДДЗЯ

Сусветная літаратура ХХ стагоддзя не супадае з яе каляндарнымі межамі: мінулы век у Францыі пазначыў сябе ў момант публікацыі "Кветак зла" Ш. Бадлера і Парыжскай камуны, у Англіі гэту мяжу ў п’есах-дыскусіях і "новай драме" вылучыў Б. Шоў, у Германіі ў 1900 годзе "па ступенях канца мінулага стагоддзя" сышоў філосаф Ф. Ніцшэ, у Беларусі ў тым жа 1900 годзе пакінуў белы свет Ф. Багушэвіч...

На мяжы стагоддзяў нарадзіліся будучыя класікі беларускай літаратуры К. Чорны, У. Дубоўка, У. Жылка, А. Бабарэка, С. Баранавых... Гэты час апяваў Э. Верхарн: 1900 год успрымаўся "як парог, за якім паследуюць новыя адкрыцці, незвычайныя перамогі розуму, пераможнае шэсце чалавека-творцы". Т. Ман паказаў на "канец веку" пачатку Першай сусветнай вайны 1914 г.: "...гэта гістарычная вяха, якая адзначыла канец аднаго свету і пачатак чагосьці зусім новага". Новы век у абліччы сусветнай катастрофы 1914—1918 гг. пачаў разбуральныя рэвалюцыі, паўстала эпоха сацыяльных утопій і глабальнага крызісу.

Менавіта так і такім успрымаў Янка Брыль з першых гадоў існавання навакольны свет. У часы дзяцінства (будучы народны пісьменнік Беларусі нарадзіўся 4 жніўня 1917 года) гэта была паўднёвая экзотыка: горад Адэса на ўзбярэжжы чароўнага Чорнага мора стаў для яго старэйшых братоў і яго самога, малога, пяцігадовага, легендай. Пазней ён з гумарам згадваў яшчэ аднаго будучага народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанку, які нарадзіўся 23 жніўня 1917 года, адно што на супрацьлеглым баку тагачаснай тэрыторыі Расійскай імперыі, а менавіта ў горадзе Рэвелі (цяпер Талін) у беларускай сям’і, якая апынулася там напярэдадні Першай сусветнай вайны ў пошуках заробку. Бацька і маці — беззямельныя сяляне з Міншчыны — вярнуліся ў Беларусь у 1921 г.