Жарынка (на белорусском языке)

Ткачев Николай

Мiкола Ткачоў

Жарынка

Я ўжо добра насноўдаўся мiж людзей па пiнскiм рынку, як раптам заўважыў, што за мной з нейкага часу цiкуе чарнявы, падобны на цыгана чалавек. Каб не адпалохаць яго, каб разгадаць, што яму трэба ад мяне, я, бокам пасоўваючыся далей паўз даўжэзны гандлёвы стол, пачаў у сваю чаргу патаемна цiкаваць за iм. Раз мiмаходзь глянуў - панiзе, другi, трэцi, падбiраючыся асцярожнымi позiркамi ад яго ног да галавы.

Мой спадарожнiк быў у хромавых ботах, запыленых, падношаных. Гармонiкам халявы. Стараватыя чорныя штаны з напускам i з невялiкiм лапiчкам на адным з каленяў. Пiнжак - такога ж колеру, як i штаны, - яшчэ быў нiшто сабе, нават нiбыта адпрасаваны, але ён абвiсаў на кашчавых плячах i таму, дарма, што спадыспаду падпiраўся камiзэлькай i мультавай кашуляй, не вельмi як хвацка адыгрываў сваю вонкавую ролю. У левай руцэ мужчына трымаў абгорнутыя абрыўкам газецiны некалькi вузенькiх пiлак, яшчэ з салiдолам, - вiдаць, толькi што купленыя ў магазiне.

Хто ён такi? Можа якi даўнi, забыты мною знаёмы? Бачыць, што я не пазнаю яго, i бянтэжыцца - зачапiць цi не зачапiць мяне? Ды можа яшчэ i сам не ўпэўнены: пазнае i не пазнае, словам, як бы ўдакладняе, прыглядаючыся. А можа ён з тых, з кiм сустракаўся, мажлiва, нават гутарыў калi-небудзь па лiтаратурных справах? Можа якi аматар мастацкага слова цi пачынаючы аўтар? Сярод жа iх ёсць надта цiкаўныя людзi - ведаю, сам некалi пасля лiтаратурнага iнстытуцкага вечара з гадзiну цягаўся назiркам за адным паэтам. Але дзе, пры якiх абставiнах у мяне магла быць сустрэча з гэтым чалавекам? У Пiнску я ўпершыню, усяго два днi, як жыву тут. Нi ў якiх вечарах i сустрэчах не ўдзельнiчаў, i не прадбачацца яны. Маючы колькi дзён вольнага часу, я прыехаў сюды цiшком, сам па сабе, без усякiх службовых спраў. Надакучылi некаторыя тлумныя справы ў Менску, захацелася падыхаць глыбiннымi прасторамi, паназiраць, як гойдаецца воддаль ад сталiцы жыццёвае мора, - вось i махнуў сюды, у гэты нязведаны мной, знакамiты самабытнасцю куточак. Усё тут для мяне цiкава, прывабна. I я гадзiнамi нястомна хаджу па горадзе, знаёмлюся з яго даўнiнай i навiнкамi, блукаю мiж людзей, слухаючы iх гаману, - набiраюся ўражанняў, адпачываю, думаю. Нiкога, нi адну асобу i ўстанову, я не патурбаваў сваiм прыездам. Калi хто i ведае сёе-тое пра мяне, дык гэта адна рэгiстратура гасцiнiцы. Так. I таму дзiўна, што знайшоўся чалавек, якi нешта да мяне мае. Хто ж ён, гэты чалавек?