Неспакой (на белорусском языке)

Ходкевич Тарас

Тарас Хадкевiч

Неспакой

Як слаўна красавiцкiм вечарам стаяць на развiлку палявых дарог i любавацца з узгорка неабдымным прасторам! Захад сонца накладвае пурпуровыя фарбы на край лесу, што цямнее на небасхiле. Палi разлеглiся карычневымi прастакутнiкамi раллi, бледна-жоўтымi плямамi ржышча, зеленаватымi прасцягамi азiмiны, i няма, здаецца, iм канца-краю.

Дзе-кольвек у канавах i ярах яшчэ ляжыць снег, але паводка ўжо адбушавала, пакiнуўшы ў нiзiнах часовыя азёры, у якiх, быццам у вялiзных люстэрках, адбiваецца ружовае неба.

Звiняць ручаi ў вячэрняй цiшынi. Кажуць, гэта вясна бразгае срэбранымi ключамi, адмыкаючы дзверы цёплым вятрам. Ляцяць вятры з далёкага поўдня i нясуць з сабой неўгамонную вясновую сiлу. Скараецца перад iмi зiма, адступае ў невядомыя паўночныя далi, а наўздагон ёй iмчыцца вясёлая пераклiчка пералётных птушак, пяшчотны звон ручайкоў i шэлест маладой зеленi, што шчацiнiцца на сонечных мясцiнах.