Буры (на белорусском языке)

Черный Кузьма

Кузьма Чорны

Буры

У цiхiх скаргах непрыбранага жыта чуў я вялiкiя буры.

За многа вёрст адсюль узрывалiся камянiцы, на чыгунках рвалiся цэлыя паязды, а тут не было вялiкага стуку. Тут проста гарачымi днямi асыпалася пераспелае жыта, i начамi цiха гарэлi вёскi - смерць у цiшы страшней за раптоўную смерць у бурах.

Тады жах панаваў над зямлёй; з чорным дымам плыў ён над дарогамi. Быў ён у бляску сонца i ў трывожным шуме жыта. Яно, месцамi зжатае, валялася на зямлi ў расцярушаных мэндлiках, рэшта высыпалася на зямлю спелым i перасохлым зернем. Цяпер яго не жалi i не вазiлi, i дарогi былi пустыя i нудныя.