Кузьма Чорны
Макаркавых Волька
Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмi заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такi малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, якi абгароджваў царкву i могiльнiк навакол яе, i ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калiсьцi была брама. Не знайшоўшы iншага спосабу ўвайсцi ў могiльнiк, жанчына пералезла цераз жэрдкi, якiя на месцы брамы былi наглуха папрыбiваны канцамi да слупоў. Паркан быў высокi, i Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабiла на могiльнiку. Ён толькi заўважыў, што яна адразу накiравалася кудысьцi за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцiлалi зямлю жоўтым лiсцем. Ужо зусiм было цёмна, калi жанчына выйшла з могiльнiка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькi разоў азiрнулася на царкву i цяпер ужо зусiм паволi пайшла ў вулiцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусiць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нiдзе не вiдаць стала.
Постаць i хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалi Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успамiны гэтыя былi прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасцi даволi ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.
Гэта было таму назад год дзесяць. Сафрон Дзядзюля сватаўся да Макаркавых Волькi. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццацi год, i гэта была самая лепшая танцорка i заўзятая весялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў iмперыялiстычную вайну тут з'явiўся высокi чалавек з жонкай i малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым канi. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак i разам з iншымi, такiмi як ён, падшывальцамi, цёрся каля бежанскай фурманкi, пакуль высокi гаспадар яе хадзiў па хатах i апытваў прытулку. Бачачы на возе толькi адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валаснi сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхiтрыўся так зачапiць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валаснi. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапiў сукаваты пошвырак i смальнуў каню ў бок.