Кузьма Чорны
На папялiшчы
Зоры пабялелi, i на ўсходзе неба запалавела. Ясна вызначылiся панурыя абрысы чорных асмалкаў. Старана неба, супрацьлеглая ўсходу, успыхвала як бы белым туманам, i зямля ўздрыгвалася. Але гук сюды не даходзiў. Стаяла вялiкая цiшыня, i павявала духам адзiноты.
Адзiнокая чалавечая постаць стаяла на дарозе, паабапал якой чарнелiся печышчы, тырчалi асмалкi, i адусюль тхнула гарэласцю. Развiднялася паволi. Добра вiдзён стаў абгарэлы конскi труп у абвугленым бярвеннi. Адзiнокi чалавек паволi азiраўся. Ён быў высокi i трымаў у руках аўтаматычную вiнтоўку. На галаве шапка з аўчыны, i торба цераз плячо. Льга было заўважыць, што ён вачыма шукае чагосьцi навокал сябе.
Вялiкае пажарышча ўжо астыла. Бадай што да самага далягляду чарнелiся абсмаленыя сады i вялiкiя дрэвы, i ўсюды ляжалi сцены чорным асмаллем. I толькi наводдалек вiдны былi дзве хаты з вокнамi i стрэхамi, i з камiноў у iх iшоў дым. А тут, блiжэй, захавалася ад агню дробная будынiна з адным акенцам.