Кузьма Чорны
Радасць жанчыны
I
Старыя хаты нiзка прыпадалi к шэрай зямлi. Дабягалi да iх высокiя межы мокрага ад асеннiх дажджоў поля, у полi прападала вузкая дарога, i ўсё разам: i хаты, i поле, i дарога - чарнелi ад асенняй iмглы i туману.
За многа год пагнiла на стрэхах салома, асунулася ўнiз, i шэрыя сцены з-пад яе панура глядзелi зеленаватымi вокнамi. А за крайняй хатай зразу пачынала чарнець падгнiўшае за восень iржышча. Яно было бязмерна шырокае i пустое заўсёды, толькi рэдка дзе цягалiся па iм шурпатыя цяляты.