Вераснёвыя ночы (на белорусском языке)

Черный Кузьма

Кузьма Чорны

Вераснёвыя ночы

I

Каля студнi з дзеравянага вядра, пазелянелага i слiзкага, капала вада на запыленую буйную крапiву i пясок. За парканам спелi яблыкi i арабiны, пад парканам раскашэльвалася мята i бабiна лета. Каля варот сакаталi куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, i адна - надзьмутая i сярдзiтая - упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым воллем. Абмочаны недзе шчанюк ацiраўся каля сяней i нудна вылiзваў шэрсць каля хваста. Гусак падняў галаву i глыбакадумна закрычаў. Шчанюк крыху страцiў свой нудны выгляд i забурчаў, вiльнуўшы шчуплым хвастом.

Паставiўшы каля заскарузлага карыта ражку з свiным цестам, чухаючы вуха аб голую руку вышэй локця, Агата злосна крыкнула: