Калiнiшын зяць (на белорусском языке)

Чернышевич Аркадий

Аркадзь Чарнышэвiч

Калiнiшын зяць

I

Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснiлася нешта страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго аблiўся халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай i гладкай. Памкнуўся злезцi, але калi зiрнуў унiз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман заплюшчыў вочы, i ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азiрнуўся i ўбачыў невялiчкую дзяўчынку з кiрпатым носiкам i блiскучымi вочкамi. Ён пазнаў яе. Яна стаяла i смяялася.

Калi гэты сон паўстаў у памяцi, Рамана зноў ахапiў жах. Ён паспрабаваў крануцца i ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край. Раман сеў i ўспомнiў усё, што адбылося ўчора вечарам памiж iм, жонкай i цешчай.